СЕРАБРА́ ГАЛАГЕНІ́ДЫ,
неарганічныя хім. злучэнні серабра з галагенамі. Найб. пашыраны фтарыд AgF, хларыд (у прыродзе мінерал хлораргірыт) AgCl, брамід (бромаргірыт) AgBr, ёдыд (ёдаргірыт) AgJ.
Крышт. рэчывы; AgCl бясколерны, астатнія С.г. жоўтага колеру. Практычна нерастваральныя ў вадзе (за выключэннем AgF). Раствараюцца ў водным аміяку з утварэннем комплексных аміякатаў. Святлоадчувальныя; пад уздзеяннем святла раскладаюцца з вылучэннем метал. серабра. Атрымліваюць узаемадзеяннем серабра з галагенамі або з канцэнтраванымі растворамі галагенавадародных кіслот, нерастваральныя — абменным узаемадзеяннем серабра нітрату з адпаведнымі растваральнымі галагенідамі. Хларыд, брамід і ёдыд выкарыстоўваюць для вытв-сці святлоадчувальных матэрыялаў (папера фатаграфічная, плёнка кіна- і фатаграфічная); хларыд як дэтэктар касм. выпрамяненняў, для вырабу элементаў аптычнай часткі інфрачырв. спектрометраў; брамід як каталізатар у арган. сінтэзе; ёдыд пры гальванічным серабрэнні, як крыніцу цэнтраў крышталізацыі вады ў воблаках пры барацьбе з градам.
т. 14, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)